БЕЛАРУ́СКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1796—1802. Утворана 12.12.1796 аб’яднаннем Магілёўскага (12 пав.) і Полацкага (11 пав.) намесніцтваў. Цэнтр — г. Віцебск. Пл. 7375,1 тыс. дзес., падатковага насельніцтва 1388,5 тыс. чал. (88% сялян знаходзілася на паншчыне), 20 тыс. чал. ваколічнай шляхты. Уключала 16 паветаў (Аршанскі, Беліцкі, Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дынабургскі, Люцынскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Невельскі, Полацкі, Рагачоўскі, Себежскі, Сенненскі, Чавускі, Чэрыкаўскі), 72 мястэчкі, 545 сёл, 2084 сяльцы, 17 595 вёсак. У 1797 у губерні адбываліся масавыя сял. выступленні. У 1799 і 1800 губерню наведаў рус. паэт Г.Р.Дзяржавін (пакінуў успаміны). 27.2.1802 скасавана, тэр. падзелена на Віцебскую і Магілёўскую губ.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)